Малоритское благочиние



Новости благочиния

Адраджэнне хрэснага ходу да Лукаўскага абраза Божай Маці.

Шматлікімі святынямі славіцца Маларытчына. Адной з іх з’яўляецца Лукаўскі абраз Божай Маці, ушанаванне якога выпадае на пятніцу на 10-ым тыдні пасля Вялікадня. Па благаславенні Іаана, епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага, 18 чэрвеня гэтага года пакладзена адраджэнне агульнаблагачыннага хрэснага ходу да Лукаўскага абраза Багародзіцы. Апошні раз ён адбыўся, па словах старажылаў, напрыканцы 50-ых гадоў мінулага стагоддзя.

18 чэрвеня ў 9.20 ад Мікольскага храма г. Маларыта выйшаў пешы хрэсны ход праз вёскі Ляхаўцы і Макраны. Больш за 100 паломнікаў ва ўзросце ад 6 да 82 гадоў на чале з протаіерэем Віктарам Паляцілам, благачынным Маларыцкай царкоўнай акругі, протаіерэем Анатоліем Дударчуком, протаіерэем Сергіем Струнцам накіравалася ў Лукава. Большасць удзельнікаў хрэснага ходу – гэта жыхары райцэнтра, вёсак Хаціслаў, Олтуш, Велікарыта і іншых населеных пунктаў Маларытчыны, а таксама — суседніх раёнаў вобласці, Гомельскай вобласці, прыгранічных раёнаў Украіны. Былі паломнікі нават і з Расіі. Агульная працягласць маршруту — прыблізна 27 кіламетраў.

З натхненнем сустракалі хрэсны ход жыхары в.Ляхаўцы ля царквы разам з іерэем Віталіем Равінскім. У яго святар уліўся са шматлікімі вернікамі. Такая ж цёплая сустрэча адбылася і ў в.Макраны на чале з іерэем Мікалаем Казінцом. Некаторыя мясцовыя жыхары таксама ахвотна далучаліся да хрэснага ходу. Усе здзіўляліся, што напярэдадні была моцная спякота, а падчас яго ўсталявалася спрыяльнае надвор’е.

⃰ ⃰ ⃰

Падчас эпідэміі на Украіне ў 1850г., калі выміралі цэлыя вёскі, адной набожнай жанчыне з Валынскай губерні ў сонным бачанні з’явілася Божая Маці і загадала ісці ў Лукава да святога яе абраза і там, у храме, адслужыць малебен аб здароўі. Пасля таго, як загад Божай Маці быў выкананы, эпідэмія спынілася.

У паданні, якое захавалася, гаворыцца аб асаблівым ушанаванні Лукаўскага абраза Божай Маці, які цудоўным чынам быў здабыты на папялішчы храма, што згарэў. Свята ў гонар гэтага абраза сталі адзначаць у пятніцу на дзясятым тыдні пасля Вялікадня. На яго трыдыцыйна сцякалася шмат вернікаў з навакольных населеных пунктаў. Асабліва шмат паломнікаў было з Украіны, нават з Пачаева прыходзілі вернікі на пакланенне Лукаўскаму абразу Божай Маці.

У 1961г. па рашэнні абласнога савета ў Маларыцкім раёне была знята з рэгістрацыі Лукаўская прыхадская абшчына. Адначасова з уліку дзеючых знялі і Лукаўскую царкву ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Між іншым, у храме знаходзілася святыня — камень, які вельмі ўшаноўваўся. Каб атрымаць палёгку, вернікі прыкладваліся да яго. На камені, згодна з прыхадскім паданнем, адбіўся след Багародзіцы, якая некалі выратавала жыхароў вёскі падчас буры, вывеўшы іх па вадзе з паўвострава на Лукаўскім возеры.

Згодна з паданнем, аднойчы над возерам і вёскай узнялася моцная бура. Яна пагражала жыццю мясцовага насельніцтва. Хвалі разбурылі капліцу, каля якой хаваліся жыхары Лукава. І тады людзі ўбачылі, як з развалін выйшла Багародзіца і прамовіла: “Усе, хто вераць у Бога, ідзіце за Мной. Я выведу вас адгэтуль”. Затым Яна накіравалася ў хвалі, што бушавалі, і пайшла па вадзе, якая даходзіла Ёй толькі да каленяў. І калі людзі кінуліся ўслед, то здарыўся цуд: яны таксама ішлі па калена ў вадзе. Так жыхары Лукава і прайшлі праз возера. Праўда, выратаваліся не ўсе, бо некаторых паглынула раз’юшаная стыхія. Жывымі засталіся толькі тыя, хто моцна верыў і спадзяваўся на выратаванне Царыцы Нябеснай. Багародзіца пакінула Свой след на камені і паведаміла, што Яе завуць “Спаталі мае журботы”. У знак памяці пра цудоўнае збаўленне людзі купілі аднайменны абраз. А на месцы разбуранай капліцы ўзвялі храм, дзе і размясцілі абраз, а таксама камень з адбіткам ступні Багародзіцы…

У 1961г. царква ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы была разабрана. Бярвёны з яе выкарысталі пры будаўніцтве магазінаў у Лукаўскім сельсавеце. Камень жа прыхаджане схавалі. Яго надзейна закапалі ў зямлю. Цяпер жа камень зноў вернуты ў храм і да яго можна прыкладвацца. А вось цудатворны Лукаўскі абраз Божай Маці знік бясследна.

У 1992г. у Лукаве была пабудавана цагляная царква за вельмі кароткі тэрмін — усяго за адзін год. Новы храм вырашана было ўзводзіць на новым месцы, таму што прыроднае возера было пераўтворана ў вадасховішча, і блізкія да паверхні грунтавыя воды сталі істотнай перашкодай для яго будаўніцтва.

У 1999г. мастак з г.Кобрына напісаў новы абраз з’яўлення Божай Маці на Лукаўскім возеры. Цяпер ён знаходзіцца ў вясковым храме на цэнтральным аналоі.

9 снежня 2005г. настаяцелем храма ў гонар Лукаўскага абраза Божай Маці прызначаецца святар Сергій Бірук-Русу, а 18 лістапада 2010г. на паўвостраве Лукаўскага возера Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі, асвяціў царкву, якая ўзведзена на месцы ранейшага храма.

⃰ ⃰ ⃰

…Па прыбыцці ў царкву в.Лукава адбылося святочнае ўсяночнае богаслужэнне, пасля яго заканчэння — асвячэнне вады. Затым, у 22.45, хрэсны ход працягнуў свой шлях праз вёску на паўвостраў Лукоўскага возера да месца з’яўлення Багародзіцы. Прыняць удзел у ім прыехала шмат паломнікаў, якія ўдзень былі заняты на працы. Каб ушанаваць абраз Божай Маці, яны ахвяравалі часткаю свайго адпачынку і прынялі ўдзел у хрэсным ходзе.

Апоўначы ўпершыню ў гісторыі прыхода пачалася ранняя начная боская літургія саборам духавенства Маларыцкага і Кобрынскага благачынняў. На ёй прысутнічала больш за 300 паломнікаў. Вернікі маліліся на вуліцы, бо невялічкая царква не магла змясціць усіх прысутных. Накрапваў малюсенькі-малюсенькі дожджык. Здавалася, што праз яго Царыца Нябесная падмацоўвае ўсіх вернікаў на паўвостраве. Начную цішыню парушалі толькі стройныя спевы боскай літургіі, якія далёка разносіліся над гладдзю ціхага возера і наваколлем. Гэта надавала яшчэ большага замілавання для ўсіх прысутных. Многія вернікі падчас літургіі прычашчаліся Цела і Крыві Хрыстовай. Пасля заканчэння богаслужэння, нягледзячы на позні час, нікому не хацелася пакідаць гэтага святога месца.

Раніцай 19 чэрвеня з 8.00 у храме ў гонар Лукаўскага абраза Божай Маці ў вёсцы быў адслужаны малебен з акафістам Багародзіцы, пасля яго — позняя боская літургія саборам духавенства благачыння і гасцей. Пад уражаннем начнога хрэснага ходу вернікі таксама вырашылі пайсці на паўвостраў памаліцца Божай Маці.

Фото по теме:

Смотреть


Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :