Малоритское благочиние



Новости благочиния

Цёплы праменьчык увагі.

Думаю, ёсць пэўная сімволіка ў тым, што дзень інвалідаў, якому ў апошні час усё часцей даюць назву “Дзень моцных і мэтанакіраваных людзей”, адзначаецца менавіта ў зімнім месяцы снежні. Зімою кожны радуецца цяплу. А для людзей, якія добра зведалі ўжо жыццёвую навальніцу, якіх, пакінуўшы свой след, не зламаў ураган хваробы, цяплом, што сагравае душу, з’яўляецца ўвага. Дапамагаюць адчуць гэтую ўвагу людзям з абмежаванымі магчымасцямі арганізатары традыцыйнай сустрэчы, якая штогод 3 снежня праводзіцца ў гарадскім Доме культуры г.Маларыта. Вось і сёлета ўсіх, хто знайшоў у сабе сілы прыйсці ў ГДК, шмат цікавага чакала ўжо ў фае. Першымі гасцей сустракалі бібліятэкары. Яны прапанавалі цікавыя кнігі. Паглядзець выстаўку вырабаў, што сваімі рукамі змайстравалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, запрашалі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А прадстаўнікі раённай аптэкі, якія размясціліся побач, частавалі фіта-чаямі. У тых, хто прыйшоў загадзя, была магчымасць пагуляць у шахматы і шашкі, а яшчэ атрымаць кансультацыю медыцынскіх работнікаў. Апошнія прапанавалі тут жа на месцы экспрэс-метадам вызначыць узровень цукру ў крыві, давалі карысныя парады.

А ў той час за кулісамі сцэны вялікай залы ва ўсю рыхтаваліся да выступлення салісты народнага хору ветэранаў, артысты ГДК. Пачалася праграма са слоў прывітання, з якімі выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык. У раёне, як адзначыла яна, 1117 пенсіянераў па інваліднасці. На забеспячэнне якасці жыцця гэтых людзей накіраваны многія дзяржаўныя праграмы. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі не застаюцца без канкрэтнай падтрымкі, адраснай дапамогі. Аб той увазе, якой стараецца напоўніць жыццё пажылых людзей, а большасць інвалідаў адносяцца менавіта да гэтай узроставай катэгорыі, раённая арганізацыя ветэранаў, гаварыў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка. Падтрымаць людзей, якім выпала несці цяжкі крыж хваробы, прыйшоў на сустрэчу протаіерэй Сергій Струнец, клірык Мікалаеўскай царквы. Немачы, падкрэсліў ён, даюць чалавеку вопыт, новыя веды, цярплівасць. А ўсіх, хто побач з гэтым чалавекам, вучаць любіць. Быць спагадлівымі, чулымі, удзельнічаць у справах міласэрнасці заклікаў ён прысутных у зале.

Кожны з прамоўцаў гаварыў пра сілу духу людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пра іх незгасальны аптымізм. А жывым прыкладам моцнай душэўнай энергіі і багатага патэнцыялу, які крыецца ў людзях з абмежаваным здароўем, але неабмежаваным жаданнем быць карыснымі іншым, стала выступленне агіттэатра “Дзеці сонца”, у які ўваходзяць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Юнакі і дзяўчаты ўзнялі ўсім настрой гумарыстычнай пастаноўкай казкі.

Фота па тэме:

Глядзець

Автор: Святлана МАКСІМУК.



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :