Малоритское благочиние



Новости благочиния

Пяць гадоў служэння Богу ў Маларыце

22 мая споўнілася 5 гадоў як у Мікалаеўскім храме райцэнтра протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкага раёна, адслужыў сваю першую службу на новым месцы.

З 19 мая 2011г. згодна з указам Іаана, епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага, настаяцелем Мікалаеўскай царквы г.Маларыты і благачынным раёна назначаны іерэй Віктар Паляціла (У маі 2014г. узведзены ў сан проотаіерэя).

Будучы святар нарадзіўся і вырас у в.Навасёлкі Кобрынскага раёна, там жа закончыў сярэднюю школу. Пасля паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава, каб набыць спецыяльнасць “Бухгалтар сельскай гаспадаркі”. Пасля першага курса быў прызваны на службу ў ваенна-марскі флот. Аддаўшы абавязак Радзіме, вярнуўся давучвацца ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. ВНУ айцец Віктар закончыў з адзнакай і акадэмічнай ступенню бакалаўра эканамічных навук. На першае месца працы Віктар Аляксеевіч паехаў у калгас імя Чкалава (Кобрынскі раён, в.Верхалессе) бухгалтарам па раслінаводству. Праз год ён паступае ў Мінскую духоўную семінарыю імя свяціцеляў Васілія Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златавуста (г.п.Жыровічы, Гродзенская вобласць). Семінарыю заканчвае з дыпломам бакалаўра багаслоўя. Затым навучаецца ў Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірылы Тураўскага. Тут за час вучобы падрыхтаваў і паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Ушаноўванне прападобнейшага Серафіма Сароўскага ў Беларусі”. Айцец Віктар набываў веды і адначасова працаваў. У Мінскай духоўнай семінарыі амаль 10 гадоў ён выконваў абавязкі бухгалтара. Акрамя таго, з 1999г. быў выкладчыкам Мінскай духоўнай семінарыі, чытаў студэнтам курсы “Прыходскае справаводства і бухгалтарскі ўлік” і “Літургіка”. У 2004г. пераведзены ў Брэсцка-Кобрынскую епархію і назначаецца настаяцелем зноў адкрытага прыхода ў імя Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы (г.Кобрын, былы ваенны гарадок). Там айцец Віктар Паляціла ўзносіў Богу малітвы да 21 мая 2011г.

Бацюшка Віктар разам з матушкай Валянцінай (рэгент, закончыла рэгенцкае аддзяленне Мінскай духоўнай семінарыі) выхоўваюць сыноў Іаана, Мікалая і дачку Ксенію.

-У кожнага чалавека ёсць свая непаўторная жыццёвая сцежка і свой, непадобны да іншых, шлях да Бога, - гаворыць святар. - Гэты шлях пракладваецца не без Яго святой дапамогі. А тое, якім чынам і праз каго Усявышні пракладае найбольш спрыяльныя ўмовы для нашага выратавання, - гэта пытанне другараднай важнасці, хоць і немалаважнае. -Айцец Віктар, што ў Вашым жыцці значаць 5 гадоў, адданых служэнню Богу ў Маларыце?

-Гэта 5 гадоў набыцця духоўнага вопыту праз пэўныя падзенні, паражэнні і перамогі… Гэта на 5 гадоў бліжэй да сустрэчы з Творцам для справаздачы за сваё жыццё. Гэта, безумоўна, 5 гадоў служэння на новай ніве настаяцеля і благачыннага. За гэты час нешта зроблена, штосьці засталося толькі ў планах. Дзякуй Богу, ідзе будаўніцтва новага храма ў горадзе ў гонар Маларыцкага абраза Божай Маці. Гэта – самае радаснае. А разам з гэтым, спадзяюся, ідзе духоўнае абнаўленне і жыхароў нашага райцэнтра.

-Жывяце ў Кобрыне, ездзіце на ўсе богаслужэнні ў Маларыту. Нялёгка ж гэта…

-Наконт таго, што даводзіцца ездзіць з Кобрына… Пакуль такое благаславенне епіскапа. Пабудуем новы храм, тады будзем уладковаць і ўласны побыт. А пакуль за дарогу можна, напрыклад, палюбавацца на нашу цудоўную прыроду, многае асэнсаваць, узважыць, прыняць правільныя рашэнніў тым ці іншым пытанні, нешта спланаваць. Атрымліваецца (смяецца) як у казцы пра Папялушку: “Вы за дарогу, напэўна, стаміліся?” – “Не, я за дарогу толькі адпачыла!”

-Айцец Віктар, як Вы ацэньваеце сябе як святара?

-Усё, што робіць святар, бачаць прыхаджанне і даюць ацэнку яго служэння. Таму неабходна спытаць у іх, каб далі адказ на гэтае пытанне.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК.



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :