Малоритское благочиние



Новости благочиния

Адноўлены нагрудны крыж

У Хаціслаўскім прыходзе адноўлены ўнікальны крыж сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Ён быў знойдзены ў 2003г. падчас перазахавання на вясковых могілках.

26 жніўня 1856г. Маніфестам імператара Аляксандра ІІ быў зацверджаны нагрудны крыж для святароў “У памяць вайны 1853-1856 гадоў”. Ён з'яўляўся высокай узнагародай для асоб духоўнага звання. Нагрудным крыжом адзначалі духавенства ўсіх веравызнанняў (ад святароў да мітрапалітаў), якія неслі службу як у ваенных, так і ў іншых ведамствах Расіі. Акрамя таго, духоўныя асобы, якія прымалі ўдзел у ваенных змаганнях, маглі ўзнагароджвацца яшчэ і медалём са светлай бронзы ў памяць пра Крымскую вайну. Таму нагрудным крыжам мог быць узнагароджаны любы святар, незалежна ад атрыманых раней духоўных або свецкіх узнагарод.

Узнагарода ўяўляе чатырохканцовы крыж і мае наступныя памеры: удаўжыню - 100 мм, ушырыню - 60 мм, з пашыранымі фігурнымі канцамі. На вонкавым боку размешчаны вензелі Мікалая I і Аляксандра II пад імператарскай каронай. Уверсе - “Усёвідушчае вока” з выходнымі прамянямі. Унізе, пад вензелямі, размешчаны даты: “1853-1854-1855-1856”. На адваротным боку крыжа, у сярэдзіне, знаходзіцца надпіс: “На Тя, Господи, уповахом, да не постыдимся во веки”. Выраб крыжоў з цёмнай бронзы на Санкт-Пецярбургскім манетным двары працягваўся да 1860г. Усяго адчаканена каля 40 тысяч. Насілі нагрудны крыж на шыі на стужцы ордэна святога Уладзіміра. Пасля смерці таго, хто быў узнагароджаны, крыж перадаваўся старэйшаму ў родзе ці змяшчаўся на вечнае захоўванне у храм – у царкоўную рызніцу. Нагрудным крыжам быў ўзнагароджаны таксама і настаяцель Праабражэнскага храма сялення Хаціслаў Брэсцкага ўезда Сімяон Паеўскі. Святар тут служыў з 30 студзеня 1863г. па снежань 1870г. Вядома, што яго матушку звалі Агафія. У Паеўскіх было двое сыноў. Міхаіл Паеўскі служыў дзяканам у Праабражэнскім саборы г.Полацк, Фёдар Паеўскі быў дзяржаўным служачым банка ў Санкт-Пецярбургу.

Да нашых дзён захавалася шмат ікон і начыння, прынесеных у дар роднаму Хаціслаўскага храму ад дзяцей святара Сімяона Паеўскага. Гэта – Евангелле, Пацір з наборам прыналежнасцей, іконы “Усіх святых”, “Казанская”, “Праабражэнне”, “Уваскрасенне і двунадзясятых свят”. Калі Фёдар і Міхаіл называлі Хаціслаўскі храм родным і не скупіліся на ахвяраванні, то з гэтага можна выказаць здагадку, што дзяцінства іх прайшло ў Хаціславе, а сам храм стаў сапраўды родным.

Святар Сімяон Паеўскі, матушка Агафія і іх сын Фёдар свой спачын знайшлі на Хаціслаўскіх могілках, справага боку ля Ануфрыеўскай царквы.

На здымку: протаіерэй Пётр Пяшко, настаяцель Праабражэнскага храма в. Хаціслаў, з адноўленым нагрудным крыжом.

Фота аўтара.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК.



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :