Малоритское благочиние



Новости благочиния

Кладзезь радасці для дзяцей і дарослых

Магчымасць дакрануцца да праваслаўнай духоўнай скарбніцы і культуры прадаставілі жыхарам Маларытчыны сёстры Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра з Мінска. На працягу 6 дзён у райцэнтры на пляцоўцы перад ГДК праходзіў фестываль праваслаўнай культуры “Кладзезь”. Яго афіцыйнымі арганізатарамі сталі Брэсцкая епархія, Маларыцкі выканаўчы камітэт, Маларыцкае благачынне.

Духоўная праваслаўная культура – гэта скарбніца, з якой мы многае можам даведацца, узяць для жыцця, для паглыблення сваёй веры. Гэтаму спрыяла і праграма фестывалю. Яна складалася з выставы-кірмашу і духоўна-асветніцкай часткі. Мерапрыемствы, якія праводзіліся, атрымаліся шматпланавымі, насычанымі і змястоўнымі. Яны былі разлічаны як на дарослую, так і на дзіцячую аўдыторыю.

У рабоце фестывалю прынялі ўдзел урачы, псіхолагі, культуролагі, артысты, пісьменнікі, а таксама сёстры манастыра. Цікавасць выклікалі многія праведзеныя праекты, прысвечаныя актуальным праблемам сённяшняга дня. Гутарка “Праўда аб алкагольнай залежнасці” прайшла ў рамках праекта “Агульная справа” з абавязанымі асобамі і вучнямі ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. У час мерапрыемства гаварылася аб тым, што ў людзей шмат праблем. У многіх сем’ях няма ладу і згоды. Не апошнюю ролю іграе тут алкаголь. Як жыць побач з чалавекам, які пакутуе ад алкагалізму? Як накіраваць яго на правільны шлях? Парады даваў протаіерэй Дзіанісій Пясецкі, кіраўнік каардынацыйнага цэнтра па супрацьдзеянні наркаманіі і алкагазізму БПЦ.

Не менш цікавымі і пазнавальнымі сталі праекты “Медыцына і праваслаўе” (гутарка “Хрысціянскае разуменне хваробы” з медыцынскім персаналам Маларыцкай ЦРБ, бацькамі і работнікамі яслі-сада №6), “Добрае кіно” (прагляд мастасцкіх кінафільмаў “Прытчы”, “Прытчы-2”, дакументальнага фільма “Два Андрэі”, анімацыйнага фільма “Незвычайныя падарожжы Серафімы” ў ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці і ГДК. Усе фільмы з’яўляюцца прызёрамі міжнародных конкурсаў). Увазе вучняў 5-9 класаў устаноў адукацыі горада быў прапанаваны праект “Жывое слова” - гутарка-сустрэча аб шкодзе брыдкаслоўя. Маладыя інваліды і бацькі дзяцей-інвалідаў сталі ўдзельнікамі праекта “Пераадоленне” на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас яго ішла гутарка на тэму: “Як знайсці сэнс у пакутах”.

Інакіня Ніна Загорская правяла гутарку “Прыйшоў час кахаць” аб узаемаадносінах юнакоў і дзяўчат у рамках праекта “Маладосць – час выбару” ў ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці.

У раённай бібліятэцы прайшла музычна-паэтычная кампазіцыя “Дацягнуцца да нябёсаў” з удзелам Алены Наследышавай, журналісткі, пісьменніцы, супрацоўніцы аўдыястудыі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. На працягу працы фестывалю некалькі разоў на дзень адбывалася прадстаўленне “Нябесны госць” лялечнага тэатра “Батлейка” для дзяцей, а таксама праводзіліся майстар-класы манастырскіх майстэрняў. Унікальнай экспазіцыяй фестывалю стаў “Скрыпторый”. У сярэднія вякі ў скрыпторыях ад рукі перапісвалі і стваралі новыя кнігі. На прадстаўленай экспазіцыі, на абсталяванні, адноўленым па старажытных узорах, экскурсавод паказвала і расказвала, якія змены адбываліся з кнігай на працягу сотняў гадоў, як з унікальнага твора ў выніку шматгадовай працы манахаў кніга паступова ператварылася ў электронны носьбіт інфармацыі. Гэтая экспазіцыя таксама знаёміла наведвальнікаў з гісторыяй славянскай пісьменнасці.

У суботу, 17 верасня, за бажэственнай літургіяй у Мікалаеўскім храме г.Маларыта спяваў хор сясцёр Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра пад кіраўніцтвам рэгента манахіні Іуліяніі (Ірына Дзянісава). Пасля ў Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў яна правяла творчую сустрэчу з пеўчымі і рэгентамі хораў Маларыцкага благачыння. У дзень закрыцця фестывалю праваслаўнай культуры “Кладзезь” у ГДК прайшоў святочны канцэрт “Захоўвай сваё сэрца” мужчынскага вакальнага ансамбля “Арнамет”.

У Мікалаеўскім храме г.Маларыта вернікі падчас работы фестывалю маглі прыкласціся да ікон з часцінкамі мошчаў прарока і хрысціцеля Іаана Прадцечы, святых апосталаў Пятра і Паўла, святой вялікапакутніцы Анастасіі Узарашыцельніцы. Штодзень у царкве райцэнтра служыліся малебны з акафістамі ля гэтых ікон.

⃰ ⃰ ⃰

На выставе-кірмашы можна было набыць карысныя і прыгожыя вырабы ручной работы з манастырскіх майстэрняў: імянныя падарункі, святочныя сурвэткі, травяныя зборы, дэкаратыўныя свечкі, кнігі, аўдыя- і відэадыскі, лячэбную касметыку, манастырскі хлеб, мёд, чай, а таксама іконы, царкоўнае начынне…

На здымках: фестываль праваслаўнай культуры “Кладзезь” у Маларыце. Фота аўтара.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :