Малоритское благочиние



Новости благочиния

Запрасіў “Сямейны ачаг”

У Нядзельнай школе пры Мікалаеўскай царкве г.Маларыта адбылося пасяджэнне клуба прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг” з удзелам протаіерэя Віктара Паляцілы, благачыннага цэркваў Маларыцкай акругі


У Нядзельнай школе пры Мікалаеўскай царкве г.Маларыта адбылося пасяджэнне клуба прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг” з удзелам протаіерэя Віктара Паляцілы, благачыннага цэркваў Маларыцкай акругі, кандыдата багаслоўскіх навук. На гэты раз мерапрыемства, ініцыятарам правядзення якога традыцыйна стаў Маларыцкі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, прайшло ў форме зацікаўленай сустрэчы, якая мела тэму “Хрысціянская міласэрнасць”.

− Сустрэчы прыёмных бацькоў у нас праводзяцца пастаянна, – гаворыць Валянціна Пацурай, педагог-псіхолаг Маларыцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. – Яны, пераканана, неабходны, бо садзейнічаюць павышэнню выхаваўчага патэнцыялу прыёмнай сям’і, згуртоўваюць прыёмных бацькоў. Акрамя таго, пашыраюць веды па пытаннях выхавання дзяцей у сем’ях, спрыяюць развіццю выхаваўчай кампетэнтнасці саміх бацькоў. У час такіх сустрэч прыёмныя бацькі таксама абменьваюцца вопытам.

За кубачкам чаю адбылася шчырая і цёплая размова па актуальных і надзённых пытаннях. Падчас яе гаварылі пра радасці, поспехі, і аб праблемах, якія ўзнікаюць у паўсядзённым жыцці. Узяць на выхаванне чужое дзіця – справа вельмі адказная, якая патрабуе цярпення, неймаверных сіл, вялікай работы. Галоўным у такой справе з’яўляецца цеплыня сэрцаў прыёмных бацькоў, іх спагада, ласка і пяшчота, уменне знаходзіць шлях да сэрцаў дзяцей, імкненне абараніць іх ад нягод, дапамагчы стаць на самастойную сцежку, не даць прапасці ў бурлівым віры жыцця.

–Чалавеку ў любым узросце патрэбна падтрымка, ласкавае і шчырае слова, асабліва – прыёмным дзецям, – гаварыў протаіерэй Віктар Паляціла. –Неабходна памятаць, што самым галоўным ва ўзаемаадносінах з’яўляецца ўсё ж такі любоў да тых, хто знаходзіцца побач. Невыпадкова айцы царквы гавораць, што без любві ўсё нішто. Без яе не можа быць выхавання. Неабходна памятаць і такую мудрасць: якімі мы хочам бачыць сваіх сыноў і дочак, такімі павінны быць і самі. Трэба імкнуцца з маленства вучыць іх ахвярнасці, узаемнай павазе і любові адзін да аднаго…

Прыёмныя маці з цеплынёю расказвалі пра сваю работу. Жанчыны дзяліліся поспехамі, тым, што атрымліваецца, што не атрымліваецца ў выхаванні дзяцей, пыталіся парады, падказкі ў протаіерэя Віктара Паляцілы.

У час мерапрыемства, якое прайшло ў нефармальнай абстаноўцы, яго ўдзельнікі даведаліся шмат новага і карыснага. А айцец Віктар Паляціла напрыканцы сустрэчы даў грунтоўныя адказы на ўсе пытанні, якія ўзніклі ў прысутных.

* * *

Між іншым, цяпер на Маларытчыне 9 прыёмных сямей, дзе налічваецца 16 дзяцей, і 2 дамы сямейнага тыпу (тут працуе 2 сямейныя пары), у якіх выхоўваецца 9 дзяцей.

На здымку: чарговае пасяджэнне клуба прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг”.

Фота аўтара.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК.



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :