Малоритское благочиние



Новости благочиния

Праваслаўны семінар у бібліятэцы

Маларыцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма і Маларыцкая царкоўная акруга ўжо не адзін год цесна паміж сабою супрацоўнічаюць.


Маларыцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма і Маларыцкая царкоўная акруга ўжо не адзін год цесна паміж сабою супрацоўнічаюць. У межах такога ўзаемадзеяння праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў праваслаўнай тэматыкі. Гэта, напрыклад, гадзіны духоўнасці, гутаркі-пасядзелкі, урокі-гульні, дыскусіі, мультымедыйныя прэзентацыі, выставы, агляды, гасцёўні, тэматычныя сустрэчы, музычныя падарожжы… Плённа працуе ў гэтым накірунку таксама і аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі. Нядаўна ён выдаў сем новых брашур з серыі “Маларытчына праваслаўная”. Цяпер працягваецца работа над брашурамі астатніх праваслаўных храмаў раёна.

Літаратурай праваслаўнай тэматыкі пастаянна папаўняецца і агульны фонд Маларыцкай ЦБС. Цяпер ён налічвае амаль 7 тысяч экзэмпляраў. За 8 месяцаў гэтага года закуплена 241 экзэмпляр праваслаўнай літаратуры. Акрамя таго, 80 кніг праваслаўнай тэматыкі ў дар перадалі чытачы. Ва ўсіх бібліятэках Маларытчыны пастаянна арганізоўваюцца кніжныя выставы, якія шырока раскрываюць фонды праваслаўнай літаратуры, новыя паступленні.

Нядаўна ў раённай бібліятэцы прайшоў чарговы семінар для бібліятэкараў раёна на тэму “Духоўна-маральнае выхаванне карыстальнікаў у сучасным бібліятэчным асяроддзі”. У яго рабоце прыняў удзел протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, кандыдат багаслоўскіх навук. Ён расказаў пра ўзаемадзеянне бібліятэк з праваслаўнай царквой у пытаннях духоўна-маральнага выхавання і адукацыі насельніцтва. Святар таксама адзначыў, што праваслаўная літаратура – гэта тыя кнігі, якія настройваюць чалавека на духоўнае, на выратаванне душы, паказваюць шляхі ўдасканалення, даюць адказы на пытанні, што тычацца духоўнага жыцця. Яны падымаюць хрысціянскі дух, настройваюць верніка на ўдасканаленне сябе, скіроўваюць на шлях ісціны, дапамагаюць набыць супакой.

‒Да кнігі праваслаўнай прыходзіць той, хто мае патрэбу ў ёй і знаходзіць адказы на тое, што цікавіць і хвалюе, ‒ адзначыў протаіерэй Віктар Паляціла. ‒ А гэта нараджае ў душы чалавека духоўную радасць.

Падчас семінара размова вялася пра тое, што цяпер бібліятэкі сталі своеасаблівымі культурнымі цэнтрамі, якія дапамагаюць выхаваць у чалавеку лепшыя духоўныя якасці і рысы праз любоў да кніг. Бібліятэкары Маларытчыны гаварылі пра духоўна-маральнае выхаванне ў бібліятэцы, любоў да малой радзімы, аб патрыятызме як аснове адзінства краіны, аб тым, як выхаваць сапраўднага грамадзяніна і якая ў гэтым роля царквы і праваслаўнай кнігі. Таксама на семінары ўвага была звернута на ўзаемадзеянне бібліятэк раёна і благачыння. Сваім “праваслаўным” вопытам работы з чытачамі на семінары падзялілася бібліятэрам Макранскай сельскай бібліятэкі Тамара Максімук.

Падчас семінара протаіерэй Віктар Паляціла ад Маларыцкага благачыння перадаў у дар кожнай бібліятэцы раёна выданне “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста” на беларускай мове.

На здымку: падчас семінара ў раённай бібліятэцы.

Фота аўтара.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК.



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :