Малоритское благочиние



Новости благочиния

Супрацоўніцтва, якое аб’ядноўвае

Дзяржава гарантуе права кожнага грамадзяніна на свабоду выбару рэлігійных ці атэістычных перакананняў і аднолькава лаяльна ставіцца да прадстаўнікоў усіх веравызнанняў. Тое, што прапісана ў Законе “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, выконваецца. У Маларыцкім раёне цяпер пражываюць вернікі многіх веравызнанняў. Яны мірна жывуць побач, без узаемных прэтэнзій. Такое магчыма ў многім дзякуючы граматнай пазіцыі, абранай кіраўніцтвам райвыканкама. І вось яшчэ адзін крок зроблены ў гэтым накірунку.

Нядаўна у малой зале ГДК адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Мікалая Шума са святарамі Маларыцкага благачыння. Асноўным на ёй стала абмеркаванне пытання аб’яднання намаганняў органаў мясцовага кіравання Маларыцкага раёна і Маларыцкага благачыння Брэсцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы для ўмацавання духоўна-маральных асноў асобы і грамадства, стварэнне спрыяльных умоў для вырашэння сацыяльных задач, якія стаяць перад Маларыцкім раёнам… На сустрэчу былі запрошаны старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук, начальнікі раённых аддзелаў, інспекцый райвыканкама, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, святары Маларыцкага благачыння і інш.

Сустрэчу адкрыў старшыня райвыканкама Мікалай Шум. Ён акрэсліў асноўную мэту мерапрыемства, якая прадугледжвала найперш вызначэнне шляхоў удасканальвання практычных мерапрыемстваў, накіраваных на клопат аб маральным выхаванні жыхароў Маларыцкага раёна ў духу патрыятызму, міласэрнасці, высокай духоўнасці і грамадзянскай адказнасці, стварэнне ўмоў для ўмацавання інстытута сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства праз выкарыстанне багатага патэнцыялу праваслаўных духоўных і культурных традыцый у розных сферах грамадскай дзейнасці, а таксама вызначэнне накірункаў развіцця супрацоўніцтва дзяржаўных устаноў раёна і Маларыцкага благачыння.

Аб асаблівасцях канфесіянальнай сітуацыі ў Маларыцкім раёне, традыцыях, якія склаліся, па супрацоўніцтве ўстаноў раёна з Маларыцкім благачыннем гаварыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Стасюк. Яна адзначыла, што цяпер на Маларытчыне зарэгістравана 16 абшчын Беларускай праваслаўнай царквы, 4 – хрысціян веры евангельскай, 2 – евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 1 – Рыма-каталіцкай царквы. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены 7 цэрквам і 1 часоўні раёна. Галіна Анатольеўна падкрэсліла, што ў раёне праводзіцца пэўная работа сумесна з праваслаўнымі прыходамі Маларыцкага благачыння. Напрыклад, святары прымаюць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, ведаў, горада, прызыўніка, маці, пажылых людзей, апошняму званку, супрацоўнічаюць з БРСМ, раённым аддзелам унутраных спраў, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, грамадскімі арганізацыямі, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, установамі адукацыі, аховы здароўя, культуры, ваенным камісарыятам, пагранічнай камендатурай “Маларыта”…

‒Рэлігія заўсёды была і застаецца сур’ёзнай сілай, што фарміруе духоўныя, культурныя і дзяржаўныя традыцыі, ‒ сказаў благачынны цэркваў Маларыцкага раёна, настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворны г.Маларыта, кандыдат багаслоўскіх навук, протаіерэй Віктар Паляціла. ‒ Толькі ў таго грамадства будзе будучыня, у якім выхаваннем маладога пакалення сумесна займаецца дзяржава, школа і царква. Адна з нашых агульных і актуальных задач цяпер – паспрабаваць спыніць чалавека на краю бездані, стрымаць яго, падказаць, дапамагчы знайсці свой шлях у жыцці, навучыць паважаць любыя законы і сумленна жыць па іх.

Благачынны таксама закрануў праблемнае пытанне стварэння ахоўных зон гісторыка-культурных каштоўнасцей (праваслаўных храмаў), гаварыў аб прафілактыцы абортаў, стварэнні на добраахвотнай аснове праваслаўных груп у дзіцячых садках, царкоўных турыстычна-экскурсійных маршрутаў “Дарога да святынь” на тэрыторыі раёна.

‒У нас сапраўды ёсць што паказаць, ‒ адзначыў протаіерэй Віктар Паляціла. ‒ Нам дасталася ў спадчыну багатая і ўнікальная гісторыя паваслаўных храмаў. Мы можам ганарыцца і казаць, што гэта ёсць толькі ў нас, такога вы больш нідзе не ўбачыце. На жаль, не многія пра гэта ведаюць. Мы, святары благачыння, гатовы прапанаваць турыстам правядзенне экскурсій у сваіх прыходах.

Затым адбылося абмеркаванне і ўзгадненне асноўных палажэнняў Плана мерапрыемстваў Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта і Маларыцкага благачыння на 2019-2020 гады ў рамках Праграмы супрацоўніцтва Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта з Брэсцкай і Пінскай епархіямі Беларускай праваслаўнай царквы на 2016-2020 гады. Свае меркаванні па гэтым дакуменце выказаў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук, а таксама галоўны ўрач Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Пётр Селівонік і начальнік аддзела ўнутраных спраў Віталій Ганчарук. Свае “набалелыя” пытанні, якія патрабуюць вырашэння, узнялі некаторыя святары благачыння.

І вось надыходзіць доўгачаканы момант. Старшыня райвыканкама Мікалай Шум і благачынны цэркваў раёна протаіерэй Віктар Паляціла падпісваюць План мерапрыемстваў Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта і Маларыцкага благачыння на 2019-2020 гады. Гэты дакумент складаецца з 8 раздзелаў: “Культура і творчая дзейнасць. Ахова, аднаўленне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны”, “Сацыяльная абарона, дабрачыннасць, садзейнічанне ўмацаванню інстытута сям’і, мацярынства і дзяцінства”, “Выхаванне і адукацыя”, “Ахова здароўя”, “Развіццё спорту і турызму”, “Інфармацыйная і выдавецкая дзейнасць”, “Прафілактыка правапарушэнняў, работа з асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама”, “Ахова навакольнага асяроддзя і забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці”.

Праца дзяржаўных органаў і духавенства ў рамках Плана мерапрыемстваў аб супрацоўніцтве будзе садзейнічаць адраджэнню праваслаўных традыцый беларускага народа і папулярызацыі ў грамадстве агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцей.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК.



Нужна Ваша помощь!:

Свае грашовыя ахвяраванні на будаўніцтва новага храма ў Маларыце можна пералічваць на разліковы рахунак 3015460861550 у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 120 філіяла Брэсцкага абласнога ўпраўлення адкрытага акцыянернага таварыства “Акцыянерны ашчадны банк “Беларусбанк” г. Маларыта, код 246, УНП 201020706

Благотворительность:

Пожертвование на храм :