Малоритское благочиние



Новости благочиния

Царква ў гонар Маларыцкага абраза Божай Маці.

Любое пачынанне павінна быць благаслаславёна. У адваротным выпадку нават цвік прама не заб’ецца. Тым больш, калі размова ідзе пра будаўніцтва новай царквы.

Днямі протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, і протаіерэй Сергій Струнец, клірык Мікалаеўскай царквы г. Маларыта, па благаславенні епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана адслужылі малебен перад пачаткам усякай добрай справы на месцы, дзе пачаліся работы па ўзвядзенні праваслаўнага храма. На богаслужэнні прысутнічала шмат вернікаў горада і раёна. Месца для новай царквы абрана епіскапам Іаанам. Храм будзе пабудаваны ўнутры дворыкаў вуліц Маруды, д. 21, 21/1, 23/1 і Школьная, 15 райцэнтра. Напрыканцы 2012 г. быў зарэгістраваны прыход у гонар Маларыцкага абраза Божай Маці. Яму выдзелены зямельны ўчастак плошчай амаль 1.05 га.

Пасля правядзення неабходных падрыхтоўчых работ епіскап Іаан прыедзе правесці ўрачыстае закладанне будаўніцтва храма па ўсіх канонах праваслаўнай царквы. Храм, які будзе ўзводзіцца ў нашым райцэнтры, павінен стаць яго ўпрыгожваннем, візітнай карткай. Непаўторная архітэктура царквы выдзеліць Маларыту сярод іншых населеных пунктаў.

-Храм узвядуць на жалезабетонным падмурку з цэглы, – кажа протаіерэй Віктар Паляціла, настаяцель Мікалаеўскай царквы г. Маларыта, адказны за правядзенне работ па будаўніцтве новай царквы. – Храм будзе мець 2 паверхі, акружаны галерэяй. Галоўную ролю ў кампазіцыі царквы мае цэнтральны купал, высока ўзняты на барабане і акружаны чатырма меншымі купаламі. Асноўнае памяшканне для тых, хто моліцца, будзе мець памеры 18 на 18 метраў. Да яго дабудуюць алтар, а таксама – прытвор са званіцай. Увесь будынак будзе нагадваць карабель. Яго мачтай і стане званіца вышынёй 28,35 метра, а з крыжам – больш за 30 метраў. Побач з царквой з’явяцца будынкі нядзельнай школы, бібліятэкі…

Усе гэтыя планы здзейсняцца толькі тады, калі ўсе мы разам станем працаваць над гэтым, бо затраты будуць немалыя. Вялікі аб’ём работ будзе патрабаваць мноства працоўных сіл. Будаўніцтва царква – гэта ўсеагульная справа. Калі кожны стане дапамагаць, то ўсе нашы планы збудуцца, і з Божай дапамогай узвядзецца царква. Просім і малітоўнай падтрымкі гэтай добрай справы.

Ужо больш за сто гадоў жыхары Маларыты не будавалі сабе храмаў. Яны толькі дапамагалі іншым. Цяперашнім жыхарам пашанцавала. Такую магчымасць неабходна выкарыстаць, каб у скарбонцы на небе назбіраць сабе багацця “нятленнага”.

⃰ ⃰ ⃰

Свае грашовыя ахвяраванні на будаўніцтва новага храма ў Маларыце можна пералічваць на разліковы рахунак 3015460861550 у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 120 філіяла Брэсцкага абласнога ўпраўлення адкрытага акцыянернага таварыства “Акцыянерны ашчадны банк “Беларусбанк” г. Маларыта, код 246, УНП 201020706, а таксама пакінуць у царкоўнай лаўцы, у скарбонках, якія неўзабаве з’явяцца ў гандлёвых кропках і ў іншых месцах горада.

Між іншым, генеральным падрадчыкам узвядзення праваслаўнага храма ў г. Маларыта з’яўляецца ўнітарнае будаўнічае прадпрыемства “Маларыцкая ПМК-20”.

Автор: Мiкалай Навумчык



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :