Малоритское благочиние



Новости благочиния

Праваслаўная кніга – мудрасці бясконцая крыніца

Першая кніга на тэрыторыі Беларусі з’явілася тады, калі было прынята хрысціянства. Праз яе народ спасцігаў ісціну новай веры, прасвятляўся сапраўднай духоўнасцю. Вялікае значэнне мела кніга раней, вялікую ролю ў грамадстве выконвае яна і цяпер. Асабліва гэта тычыцца духоўнай літаратуры, якая заўсёды запатрабавана пэўнай часткай грамадства. Такое адбываецца па той прычыне, што духоўная літаратура дае адказы на многія надзённыя і актуальныя пытанні, падказвае выйсце з розных жыццёвых сітуацый, выхоўвае светлыя пачуцці, вучыць паступаць па ўласным сумленні, а таксама - мудрасці, дабру, цярпенню, любові, міласэрнасці. Душа нібы ажывае кожны раз, калі чытаеш кнігі свяшчэннага пісання.

Да Дня праваслаўнай кнігі ва ўстановах адукацыі і культуры Маларытчыны прайшлі розныя мерапрыемствы. У Маларыцкай ЦБС і бібліятэках-філіялах да гэтай памятнай даты былі арганізаваны выставы кніг духоўна-асветніцкай тэматыкі, а таксама адбыліся традыцыйныя сустрэчы са святарамі благачыння.

Напрыклад, у Макранскай сельскай бібліятэцы-філіяле для вучняў мясцовай школы прайшло мерапрыемства “Рэлігія – крыніца дабрыні і чысціні”. Яно пачалося з лекцыі іерэя Сергія Капанька, настаяцеля храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы в.Макраны. У час сустрэчы размова зайшла і пра значэнне кнігі і рэлігіі для выхавання духоўнага стану чалавека. Затым айцец Сергій падарыў кожнаму з прысутных праваслаўны малітваслоў і невялічкі абразок Прасвятой Багародзіцы “Подательница ума”. Дзеці таксама зацікавіліся і прытчамі, якія прагучалі і прымусілі задумацца над пытаннямі быцця. Пасля бібліятэкар Тамара Максімук расказала пра духоўную літаратуру, якая ёсць у фондах бібліятэкі, пазнаёміла з некаторылі праваслаўнымі выданнямі.

У чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшоў круглы стол. З 10-класнікамі СШ №2 райцэнтра сустрэўся протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкага раёна, настаяцель Мікалаеўскай царквы Маларыты, кандыдат багаслоўскіх навук. Падчас мерапрыемства святар выказаў заклапочанасць тым, што моладзь цяпер зусім мала чытае, што друкаваная кніга, на вялікі жаль, саступае захапленню камп'ютарам ці мабільным тэлефонам. Гэта дрэнна, бо праваслаўная кніга з’яўляецца крыніцай бясконцай мудрасці. Яна здольна наталіць духоўную смагу, перасцерагае ад неабачлівых учынкаў. Размова зайшла і пра ролю малітвы і праваслаўнай кнігі ў жыцці кожнага чалавека. Спыніўся асобна протаіерэй Віктар Паляціла на адрозненні духоўнай літаратуры ад царкоўнай. Апошняя, як адзначалася, выкарыстоўваецца на богаслужэннях, а духоўную літаратуру можна чытаць для самаразвіцця, узыходжання па духоўнай лесвіцы ўдаскавальвання, паратунку сваёй душы і маральнага сталення.

Напрыканцы сустрэчы благачынны адказаў на пытанні ўдзельнікаў круглага стала.

Фота па тэме:

На здымках: Дзень праваслаўнай кнігі на Маларытчыне.

Автор: Мiкалай Навумчык



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :