Малоритское благочиние



Новости благочиния

Дакрануліся да мінулага.

Нядаўна вучні Маларыцкай раённай гімназіі з задавальненнем пабывалі на экскурсіі ў бібліятэцы пры Мікалаеўскай царкве райцэнтра, якая існуе з 1995г. Яна з’яўляецца сапраўднай скарбніцай духоўнага слова для прыхаджан. Каштоўнасць і багацце бібліятэкі – яе фонд, які цяпер налічвае больш за 4300 экземпляраў кніг на любую тэматыку, звязаную з праваслаўем. Некаторыя выданні ёсць у некалькіх экземплярах. Увесь фонд згрупаваны па 16 асноўных раздзелах. Ёсць тут і служэбныя кнігі ХVІІІ, ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў – “Октоих”, “Четьи-Минеи”, “Триодь Постная”, “Триодь Цветная”… Многія з іх знаходзяцца ў драўлянай вокладцы, абцянуты скурай. Акрамя кніг, бібліятэка выпісвае таксама розныя газеты і часопісы. Яе чытачамі цяпер з’яўляецца больш за 130 дзяцей устаноў адукацыі горада.

-А зусім нядаўна ў архіве царквы знойдзены кнігі дакументальнага характару, — расказвае Ірына Сезік, “царкоўны” бібліятэкар, настаўніца Маларыцкай раённай гімназіі. – Гэта “Исповедальная ведомость” (“Духовная роспись”, 1906г.), “Обыск брачный сёл Замшаны, Гвозница, Мокраны, Ляховцы” (пачынаючы з 1840-га года). Таксама цяпер можна патрымаць у руках і пагартаць і іншыя дакументы мінулага: пасведчанні, просьбы, заявы на вянчанні. Гэтыя ўліковыя кнігі вяліся служыцелямі царквы ў выглядзе штогадовага перапісу насельніцтва той ці іншай мясцовасці. Яны з’яўляюцца “жывымі” сведкамі жыцця людзей на Маларытчыне ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Па гэтых кнігах можна, напрыклад, прасачыць сваю радаслоўную. У пачатку іх прозвішчы падаюцца ў алфавітным парадку. А гэта намнога аблягчае пошукавую справу. “Обыски брачные”, на жаль, захаваліся фрагментарна.

Адкрыццём для вучняў раённай гімназіі падчас экскурсіі ў царкоўную бібліятэку стаў почырк тых людзей, якія рабілі запісы ў кнігах. Вучні параўноўвалі “выявы” літар ў ХІХ стагоддзі з цяперашнімі. Гімназісты таксама звярнулі ўвагу на той факт, што некаторыя запісы ў царкоўных дакументах мінулага на тэрыторыі Маларытчыны вяліся на польскай мове і паралельна — на рускай. Такая сітуацыя склалася таму, што тэрыторыя Палескай Духоўнай Кансісторыі да 1939 года адносілася да Польшчы.

Бібліятэкі пры праваслаўных храмах трэба, каб былі. У гэтым цвёрда пераканана Ірына Аляксееўна. У сучасным свеце разнастайнай друкаванай прадукцыі многа, іншым разам бывае цяжка ў ёй зарыентавацца. Бібліятэкар жа заўжды параіць, што можна прачытаць па тэме, якая цікавіць. Таму людзі і ідуць у прыходскую бібліятэку, некаторыя – цэлымі сем’ямі. У кожнага наведвальніка свой шлях да яе.

-Царкоўная бібліятэка сёння – гаворыць Ірына Сезік, — гэта своеасаблівы духоўна-інфармацыйны цэнтр як прыходу, так і ўсяго благачыння. У бібліятэку пасля заканчэння літургіі прыходзяць людзі для таго, каб прадоўжыць духоўную радасць зносін. Ім неабходна суцяшэнне, размова з аднадумцамі. Чаго не хапае вернікам, яны знаходзяць часта ў кнігах. Таму бібліятэкатэрапія, лячэнне кнігай – неабходны і важны ланцужок для еднасці з Усявышнім, для разумення законаў Божых. Усё гэта, у рэшце рэшт, змяняе чалавека і настаўляе на шлях змянення свайго жыцця.

Вучні раённай гімназіі ў час наведвання царкоўнай бібліятэкі атрымалі цікавую і пазнавальную інфармацыю, станоўчыя эмоцыі, духоўны ўздым.

Автор: Мiкалай Навумчык



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :