Малоритское благочиние



Новости благочиния

Як навучыцца адрозніваць дабро ад зла

Пад такой назвай у дзіцячай бібліятэцы г.Маларыта прайшла гадзіна давяральнай размовы. На сустрэчу з протаіерэем Віктарам Паляціла, благачынным цэркваў Маларыцкага раёна, настаяцелем Мікалаеўскага храма райцэнтра, кандыдатам багаслоўскіх навук, былі запрошаны вучні 5 “А” класа СШ №1.

Што такое дабро і што такое зло? Гэта вечнае, актуальнае і надзённае пытанне, над якім людзі разважаюць на працягу ўсёй гісторыі свайго існавання. Уся сусветная культура і літаратура – своеасаблівая спроба адказаць на гэтае пытанне. Мы ведаем, што Бог зла не тварыў. Калі так, то чаму існуе яно, зло? І што трэба лічыць дабром? Ці ўсё, што здаецца добрым і прыемным, з'яўляецца такім на самай справе? Ці можна, робячы дабро роднаму, любімаму, блізкаму чалавеку, пакрыўдзіць, абразіць і нават прынізіць яго? І ці можа дабро быць жорсткім, бязлітасным? Пра ўсё гэта ішла зацікаўленая размова падчас сустрэчы са святаром.

Пяцікласнікі выказвалі свае меркаванні. Дабро, на іх думку, у першую чаргу звязана з уменнем спачуваць, радавацца, суперажываць, адгукацца на пачуцці іншых. Гэта яшчэ і спагадлівасць, чуласць, шчырасць, імкненне і жаданне рабіць прыемнае, добрае іншым. Зло - гэта войны і здрада, зайздрасць і прагнасць, абыякавасць, эгаізм, падман, п’янства, калі моцны крыўдзіць больш слабага, малодшыя не паважаюць старэйшых, дарослыя не клапоцяцца пра дзяцей… -На жаль, - казаў айцец Віктар Паляціла, - зло каварна і вельмі распаўсюджана ў свеце. Яно маскіруецца, яго бывае цяжка распазнаць. Наша жыццё - няспынная барацьба дабра са злом. І ў гэтым змаганні павінна быць больш рашучасці і смеласці. Каб выйсці пераможцам у такой нялёгкай барацьбе, за дапамогай неабходна звяртацца да Бога.

Напрыканцы сустрэчы благачынны адказаў на пытанні прысутных, а Таццяна Крысіна, загадчык дзіцячай бібліятэкі, парэкамендавала пяцікласнікам пачытаць кнігі з серыі “Дзецям пра…” выдавецтва Беларускай праваслаўнай царквы.

На здымку: сустрэча ў дзіцячай бібліятэцы г.Маларыта протаіерэя Віктара Паляціла з вучнямі СШ №1.

Фота аўтара.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК.



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :