Малоритское благочиние



Новости благочиния

Інтэлектуальны турнір у гонар святога

На базе раённай гімназіі прайшоў адборачны тур Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру на тэму “Свяціцель Георгія Каніскі ў гісторыі Беларусі XVIII стагоддзя”. У спаборніцтве прыняло ўдзел 9 каманд (усяго 48 вучняў), у кожнай з якіх было па 5-6 чалавек: па адной з СШ №1 і Хаціслаўскай СШ, дзве – з СШ №2 і пяць – з раённай гімназіі. Частка вучняў, што прымала ўдзел у адборачным туры, наведвае нядзельныя школы.

На турніры прысутнічалі вучні і настаўнікі раённай гімназіі, а таксама іерэй Леанід Сімончык, прадстаўнік епархіяльнай камісіі па правядзенні Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру.

Адборачны тур праходзіў у выглядзе каманднай гульні. Удзельнікам неабходна было адказаць на 31 пытанне, звязаных з часам жыцця, служэннем і грамадскай дзейнасцю свяціцеля Георгія (Каніскага) з чатырма варыянтамі адказаў. Пытанні зачытваў протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны прыходаў Маларыцкай царкоўнай акругі, кандыдат багаслоўскіх навук. У склад журы ўвайшлі Ірына Андрайчук, загадчыца Нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы г.Маларыта, Леанід Лук’янчук і Таццяна Жыгалава, настаўнікі раённай гімназіі, Людміла Андрайчук, бібліятэкар СШ №1 г.Маларыта, Таццяна Лук’янчук, настаўніца Хаціслаўскай СШ.

Інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло займальна і цікава. Па выніках адборачнай гульні першае месца заняла каманда “Сонечнае святло” (СШ №2, кіраўнік Тамара Тарноўска), якая дала 22 правільных адказаў. На другім месцы замацавалася каманда “Джэнтльмены ўдачы” (раённая гімназія, кіраўнік Леанід Лук’янчук) з 21 правільным адказам. Трэцяе месца падзялілі каманды “Ніка” (раённая гімназія) і “Міратворцы” (СШ №1).

Падрыхтоўка і ўдзел у турніры дала магчымасць вучням яшчэ раз заглыбіцца ў гісторыю Беларусі і пазнаёміцца з жыццём аднаго з самых выдатных дзеячаў XVIII стагоддзя свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага, Мсціслаўскага і Аршанскага, багаслова, філосафа, педагога і грамадскага дзеяча Рэчы Паспалітай, а затым Расійскай імперыі… Каманда-пераможца “Сонечнае святло” цяпер рыхтуецца да ўдзелу ў епархіяльным турніры.

На здымку: падчас правядзення інтэлектуальнага турніру.

Фота аўтара.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК.



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :