Малоритское благочиние



Новости благочиния

З малітвай і просьбай − да Матроны Маскоўскай

Вернікі Маларытчыны з нецярпеннем і асаблівым трапятаннем чакалі 9 снежня. Менавіта ў гэты дзень у 16.30 у храм свяціцеля Мікалая, Мірлікійскага цудатворцы, райцэнтра прыбыла ікона блажэннай Матроны Маскоўскай з часцінкай яе нятленных мошчаў у каўчэнку. У храм яго ўрачыста унёс протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі.

Матрона Маскоўская − адной з найбольш любімых святых, падзвіжніца набожнасці ХХ ст. Святую ў народзе ўшаноўваюць як блажэнную старыцу Маскоўскую і ласкава называюць Матушкай, Матронушкай. Яна вучыла любові, цярпенню, міласэрнасці, дабрыні, спагадзе…

Матрона Дзмітрыеўна Ніканава нарадзілася ў 1885г. у в.Себена Епіфанскага павета Тульскай губерні ў сям’і беднага селяніна. Дзяўчынка была з нараджэння не проста сляпою – яна зусім не мела вачэй. Вачныя ўпадзіны шчыльна закрываліся павекамі. З 7 гадоў стала прадказваць. На 17-м годзе жыцця Матрона нечакана перастала хадзіць і да канца зямных дзён заставалася “сядзячай”. Двое яе братоў былі камуністамі, а Матрона са сваёю вераю ў Бога вельмі перашкаджала ім у вёсцы. Таму ў 1925г. перабіраецца ў Маскву. Жыла ў родных, знаёмых, потым некаторы час − у Загорску, Царыцына. Апошні свой прытулак знайшла ў 1950г. на падмаскоўнай станцыі “Сходня”. Памерла 2 мая 1952г., пахавана на Данілаўскіх могілках Масквы. Вечарам 8 сакавіка 1998г. былі здабыты святыя астанкі Матроны – свяцільніка Божага, які гарэў у цемры грахоўнай ХХ стагоддзя.

… Хто з маларытчан меў дома іконку святой – узяў яе з сабой у храм, у каго не было – набываў у тут жа і з малітвай прыкладваў да мошчаў, прасіў аб дапамозе, збаўленні ад грахоў, хваробы і атрымліваў часцінку Божай благадаці. У чарзе да мошчаў святой людзі гаварылі аб многім.

–Матрона Маскоўская – не проста праваслаўная святая, – сцвярджаў Ігнат Асіпчук. –Гэта сімвал вечнага цуда і жывой веры ў Бога, якому няма ні канца ні краю ў сэрцах людскіх.

–Пры жыцці яна мела дар вылечвання, – казала Людміла Сахарчук, – дапамагала людзям, нікому не адмаўляла. Дапамагае святая і пасля сваёй смерці. Я сёння папрашу ў яе здароўя, спрыяння ў справах сабе і сваім дзецям, міласці Божай. Вельмі спадзяюся на дапамогу.

– У штодзённых будзённых справах да Бога звяртацца з такімі просьбамі, як знайсці работу, выйсці ўдала замуж, нарадзіць здаровае дзіця, пазбавіць мужа ад п’янства, вярнуць дахаты блуднага сына ці страчаныя дакументы неяк няёмка, – гаварыла Паўліна Сцепанюк. – Упэўнена, што калі папрасіць аб гэтым Матрону адзін на адзін, з глыбокай верай, шчырай малітвай, то яна абавязкова дапаможа ў любой складанай жыццёвай сітуацыі. У адзіным малітоўным парыве людзі, у многіх з якіх былі слёзы на вачах, кланяліся Матронушцы і пакідалі храм, аб’яднаныя надзеяй на дапамогу блажэннай у іх турботах, нялёгкіх і складаных жыццёвых абставінах. Асабліва многа маларытчан пакланіцца мошчам святой было ў нядзелю.

–Мне стала адразу неяк лёгка і радасна на душы пасля таго, як увайшла ў храм, – кажа Ніна Рапінчук. – Цёплае сардэчнае пачуццё прысутнасці блажэннай у храме не пакідала мяне на працягу ўсяго богаслужэння. Здавалася, што яна ўзносіць малітвы Усявышняму разам з усімі вернікамі.

Між іншым, мошчы блажэннай Матроны Маскоўскай у храме свяціцеля Мікалая, Мірлікійскага цудатворцы г.Маларыта, ужо былі – 24-25 мая 2010 года. Цяпер жа яны ў райцэнтры будуць знаходзіцца да 16 снежня. Пакланіцца праваслаўнай святыні можна штодзень з 08.00 да 21.00. Тут жа можна набыць іконы святой, асвечаныя на яе мошчах, духоўную літаратуру, а таксама іншыя царкоўныя рэчы.

На здымку: пакланенне мошчам Матроны Маскоўскай у храме г. Маларыта.

Фота аўтара.

Автор: Мікалай НАВУМЧЫК.



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :