Малоритское благочиние



Новости благочиния

Макранская копія крыжа Еўфрасінні Полацкай

На Маларытчыне з’явіўся “свой” крыж Еўфрасінні Полацкай. Дакладней, яго копія, зробленая брыгадзірам участка раслінаводства “Ляхаўцы” ААТ “Макраны” Сцяпанам Бурштынам.


На Маларытчыне з’явіўся “свой” крыж Еўфрасінні Полацкай. Дакладней, яго копія, зробленая брыгадзірам участка раслінаводства “Ляхаўцы” ААТ “Макраны” Сцяпанам Бурштынам.

Сцяпан Канстанцінавіч у раёне вядомы тым, што на другім паверсе ва ўласным доме стварыў прыватны краязнаўчы музей “Гісторыя СССР”. Больш за дзве тысячы экспанатаў цяпер размеркаваны па чатырох асноўных раздзелах: “Ваенная гісторыя”, “Этнаграфія”, “Летапіс калгаса”, “Гісторыя маёй сям’і”. У музеі Сцяпана Бурштына “жывуць” экспанаты, узрост якіх пад сто і больш гадоў. Са з’яўленнем новых тэматычныя межы прыватнага музея пастаянна пашыраюцца. Цяпер, напрыклад, ідзе праца над стварэннем яшчэ аднаго раз­дзела “Бурштынавы цуд”, у якім будуць прадстаўлены экспанаты, зробленыя з каштоўнага каменю бурштыну. Пачэснае месца ў гэтай экспазіцыі зойме копія напрастольнага шасціканцовага крыжа, які быў выраблены ў Полацку для царквы Святога Спаса на заказ прападобнай ігуменні Еўфрасінні Полацкай майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. Крыж згублены ў час Другой сусветнай вайны і па сённяшні дзень не знойдзены. У 1997 годзе брэсцкі ювелір-эмальер Мікалай Кузьміч вырабіў копію крыжа ў поўны памер.

Задума стварыць копію беларускай святыні ў Сцяпана Бурштына ўзнікла даўно. Паспрыяла гэтаму наведванне Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку. Неяк Сцяпан Канстанцінавіч паехаў туды па запрашэнні былога настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Лукаўскай сярэдняй школы Мікалая Баліцэвіча, які арганізаваў экскурсію для сваіх вучняў.

Манастыр Сцяпана Бурштына вельмі крануў. Пасля паездкі ў Полацк канчаткова вырашыў, што ўсё ж такі паспрабуе зрабіць копію крыжа так, як зможа. Праўда, пакуль не ведаў, як ажыццявіць задуманае. Спадзяваўся на дапамогу Усявышняга.

Пачаў справу з вывучэння матэрыялаў пра крыж. Дапамаглі кнігі з мясцовай бібліятэкі, артыкулы, знойдзеныя ў інтэр­нэце. Так паступова Сцяпан Канс­тан­цінавіч прыйшоў да думкі, што аснову копіі крыжа зробіць з дубу. Драўніна дуба мае прыгожую афарбоўку і тэкстуру, адрозніваецца высокай якасцю, трываласцю. Яна шчыльная, моцная, пругкая, добра захоўваецца на паветры, у зямлі і пад вадой, умерана рэпаецца і карабаціцца, стойкая супраць загнівання. Упрыгожыць крыж вырашыў бурштынам, які мужчына калекцыяніраваў.

Першыя вырабы з бурштыну Сцяпану Канстанцінавічу падарыла пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны стваральнік і кіраўнік народнага комплексу-музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Людміла Нікіціна. Пяць пацерак ён атрымаў ад Людмілы Канстанцінаўны як удзячнасць за перададзеныя для яе музея экспанаты. Пасля вырабы з гэтага каштоўнага мінералу сталі часта з’яўляцца ў калекцыі краязнаўцы з Макран. Ведаючы яго “слабасць” да гэтага каменя, родныя, знаёмыя імкнуліся Сцяпану Канстанцінавічу зрабіць прыемны сюрпрыз. Яны дарылі рэчы з бурштыну. Дарэчы, цяпер у прыватным музеі Сцяпана Бурштына налічваецца толькі карцін з бурштыну 19! Ёсць і іншыя рэчы з гэтага мінералу.

– Адначасова я і сам купляў бурштын, паколькі гэта – дзіўны мінерал, які ўяўляе сабой зацвярдзелую смалу хвойных дрэў, – гаворыць Сцяпан Канстанцінавіч. – У старажытнасці лічылася, што бурштын – жывы, адушаўлёны мінерал. Ён асацыяваўся з паняццямі абароны і перамогі. Бурштын рэкамендуюць выкарыстоўваць людзям, дзейнасць якіх звязана з вывучэннем гісторыі. Ён лічыцца абярэгам для падарожнікаў і ваенных, паколькі яго энергетыка абараняе ад розных бед і негатыўнай энергіі. Чарговая размова са стрыечнай сястрой Кацярынай з Цверы канчаткова пераканала, што аснову копіі крыжа неабходна аздобіць бурштынам.

Для гэта Сцяпан Бурштын выкарыстаў каштоўныя камяні жоўтага і чырвонага колераў некалькіх адценняў, якія збіраў не адзін год. Узнікла пытанне: як камяні трывала прымацаваць да дубовай асновы? Адказ знайшоў у інтэрнэце. Для гэтай мэты ідэальна падыходзіць універсальны клей В-7000. Перад пачаткам работы ўзяў благаславенне ў настаяцеля храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Макраны іерэя Сергія Капанькі. З малітвай прыступіў да яе. Было гэта 23 сакавіка.

Копія крыжа мае такія ж самыя памеры, як і арыгінал: вышыня 51,8 сантыметра, даўжыня верхняй папярочкі – 14, ніжняй – 21,2, таўшчыня – 2,5 сантыметра. Пасярэдзіне крыжа знаходзіцца Распяцце, над ім – выява Божай Маці. Па баках ніжняй папярочкі злева – паясная выява Божай Маці з Ісусам Хрыстом на руках, справа – выява Божай Маці, у верхнім канцы крыжа – паясная выява Ісуса Хрыста, які ў руках трымае Біблію. Выявы Божай Маці і Ісуса Хрыста таксама знаходзяцца і на бакавой паверхні копіі крыжа.

Пра копію крыжа Еўфрасінні Полацкай, якую зрабіў Сцяпан Бурштын, стала вядома настаяцельніцы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ігуменні Еўдакіі (Ляўшук). Матушка высока ацаніла карпатлівую творчую працу: “Дай Бог вам невычэрпнага натхнення і дапамогі Усявышняга ва ўсіх вашых планах і задумках. Заставайцеся з Богам…”

Для захоўвання копіі вырабленага крыжа Сцяпан Канстанцінавіч спецыяльна набыў шкляны футляр. Побач з ім размясціў дзве іконы прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Атрымалася своеасаблівая бажніца ў музеі.

Цяпер майстар плануе асвяціць зробленую копію крыжа.

Мікалай НАВУМЧЫК.

...крыніца інфармацыі...

Автор: http://www.malorita.by



Нужна Ваша помощь!:

Благотворительность:

Пожертвование на храм :